Прывітанне! Мяне клічуць Наталка Харытанюк, я настаўніца ангельскай мовы, і тут я сабрала разам шэсць відэа, якія складаюць аснову майго курсу Consolidating Tenses. Яны будуць карысныя тым, хто ўжо пасярод узроўню Intermediate і хацеў бы пабачыць сістэму за асобнымі правіламі (лес за дрэвамі, так бы мовіць!)
У першым з шасці відэа цыклу Consolidating Tenses я расказваю пра The Present Simple and The Present Continuous. Які з іх ужываецца ў загалоўках навін? У інструкцыях? У пераказе фільмаў ці ў спартовым каментары? А калі мы крытыкуем звычку – якую форму варта ўжываць? І як бы вы пераклалі “Я станаўлюся разумнейшай і разумнейшай, гледзячы гэтыя відэа”?
У другім відэа з гэтага цыклу я расказваю пра статычныя дзеясловы – дзеясловыя, якія абазначаюць станы (не дзеянні), якія звычайна і так “цягнуцца” пэўны час, але не адбываюцца, таму яны не ставяцца ў працяглы час (не ўжываюцца ў форме Continuous, той, што мае –ing напрыканцы дзеяслова). Дакладней, некаторыя статычныя ўсё ж ужываюцца ў Continuous, але гэта выключэнне з выключэння – пра яго таксама ідзе гаворка ў відэа!).
А цяпер – увага: усе мы ведаем, што to be, to have and to smell – класічныя статычныя дзеясловы. Але як тады сабе патлумачыць цалкам “легальныя” сказы: He is being rude today. We are having a break now. I am smelling the soup and it smells awesome! Have a listen, як той казаў – я ўсё патлумачу :)
Пра прадказанні і планы ўжо ўсе, бадай, чулі. Там Will, Going to and The Present Continuous – самыя папулярныя канструкцыі для выражэння будучыні. А вось што рабіць з нашымі здагадкамі пра будучыню? You won’t have discovered it yet, напрыклад. З апісаннямі маршрутаў? З падзеямі, прывязанымі да календара? І што гэта за звірушкі такія ў тэме Future References – bound to, due to, about to? У трэцім відэа – акурат пра гэта, і пра многае іншае!
Прошлых часоў у нас чатыры: The Past Simple, The Past Continuous, The Past Perfect and The Past Perfect Continuous. І вось жа задача – як іх разам ужываць і не наблытаць? Што нам спатрэбіцца, каб апісаць агульны фон (“Птушкі спявалі, сонейка свяціла…”), а што для разавага дзеяння (… “як раптам да берага Мухлі прычаліла вялікая яхта”)? Як перадаць перад-прошласць -“Я здзівілася, бо ніколі перад гэтым не бачыла яхт на Мухлі”?
Пра ўсё гэта – і не толькі – у нашым чацвёртым відэа! (каштоўнасць яго яшчэ ў мейсцы, дзе яно здымалася – травеньскім ранкам 2021 ля Мухлі ў Менску!)
Як расказаць пра падзеі, якія вы збіраліся ажыццявіць, але так і не ажыццявілі? А навошта нам такая дзіўная прошлая форма ў відавочна цяперашняй сітуацыі: I was wondering if you would agree to come to my party? У чым розніца паміж I used to do it and I would do it (every day back then…)? Пра гэта – у пятым відэа!
Oh, this mighty Perfect! Чаму ў навінах у першым радку дзеяслоў стаіць у Perfect, а ўжо ў другім і наступным усе тыя ж дзеясловы стаяць у The Past Simple? Як адрозніць The Present Perfect from The Present Perfect Continuous? Чаму: I have written three e-mails, but I have been writing for 3 hours? І нарэшце, што там за падказкі хаваюцца (альбо не хаваюцца) у словах yet, since, for? Пра гэта – у шостым відэа гэтага цыклу!
Спадзяюся, гэтыя відэа дапамаглі камусьці з вас sort things out у прыўкраснай тэме ангельскіх Tenses (а гэта, лічыце, палова ўсёй граматыкі). Віншую!
Калі ж вам захочацца патрэніраваць гэтыя формы, па гарачых слядах, так бы мовіць, пасля прагляду гэтага курсу – з радасцю падзялюся практыкаваннямі, якія я склала да кожнага відэа. Кошт файлу з заданнямі – 5 еўра. Пішыце на englishwithnatalka@gmail.com: “Natalka, please, send me your Consolidating Tenses exercises!” І я з радасцю іх вам дашлю!